АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.

А.П.Дубіна.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)